
Аляксей Скобля
пазыўны Тур
14.03.1990-13.03.2022
Аляксей Скобля нарадзіўся 14 сакавіка 1990 года ў Мінску. Скончыў аўтамеханічны тэхнікум. Працаваў аўтамеханікам. Герой Украіны (2022, пасмяротна). Ордэн «За мужнасць» 3-й (2019) і 2-й (2022) ступеняў.
Удзельнічаў у антытэрарыстычнай аперацыі і аперацыі аб’яднаных сіл на ўсходзе Украіны. З 2015 года ваяваў за Украіну ў складзе тактычнай групы «Беларусь» Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правы сектар», з 2016 года — у шэрагах 8-га палка сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны, які базуецца ў г.Хмяльніцкі. Пры гэтым дадаткова скончыў курсы фельчараў.
Падчас поўнамаштабнага ўварвання войскаў расіі ва Украіну, якое пачалося 24 лютага 2022 года, удзельнічаў у баявых дзеяннях у раёне гарадоў Буча, Ірпень і с. Машчун.Ажыццяўляў эвакуацыю параненых з поля бою, аказваў медычную дапамогу вайскоўцам і мірным жыхарам.
Удзельнічаў у фармаванні ў сакавіку 2022 года Беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Узброеных сіл Украіны. У ходзе выканання задання група Аляксея Скоблі трапіла ў засаду праціўніка ў раёне сяла Машчун. Атрымаўшы агняпальнае параненне, ён вырашыў цаной уласнага жыцця застацца і прыкрываць адыход групы. 15 сакавіка ў Кіеве развіталіся з Аляксеем Скоблям. Яго цела крэмавалі ў той жа дзень. У яго гонар у Хмяльніцкім перайменаваны вуліца і завулак.