
Даніла Ляшук
пазыўны Моджахед
1.11.1995-01.04.2023
«Кожны маджахед пасля смерці трапляе ў рай, таму што ў пекле ён ужо пабыў», — напісаў некалі на сваёй старонцы ў сацсетцы беларускі дабраахвотнік Узброеных Сіл Украіны Даніла Ляшук з пазыўным «Маджахед».
Хлопец нарадзіўся ў беларускім Берасці. У 17 гадоў пераехаў у Крым, дзе атрымаў адукацыю марака ў Севастопальскім нацыянальным тэхнічным універсітэце.
Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе Даніла Ляшук вырашыў ваяваць на баку Украіны, удзельнічаў у АТА. 19 студзеня 2015 года ў раёне станіцы Луганская атрымаў параненне. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны «Маджахед» зноў пайшоў на фронт. Як дабраахвотнік абараняў Кіеў і яго перадмесці.
Увесну 2022 года ўдзельнічаў у баях за Харкаў. У ліпені 2022 года ўвайшоў у шэрагі Узброеных Сіл Украіны. Быў накіраваны на абарону Мікалаеўскай вобласці, удзельнічаў у баявых дзеяннях на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці. 18 жніўня 2022 года пры выкананні баявога задання другім разам быў цяжка паранены — атрымаў аскепкавае параненне жывата, лёгкіх і пячонкі.
Пасля шэрагу аперацый і рэабілітацыі зноў стаў у шыхт. На пачатак 2023 года Даніла Ляшук быў вайскоўцам у шэрагах Узброеных Сіл Украіны. 1 красавіка падчас цяжкіх баёў у напрамку вёскі Пяскі быў смяротна паранены. 27 гадоў назаўжды. У Данілы засталася жонка.