
Аляксандр Новік
пазыўны Розпад
23.09.2002–20.01.2025
Нарадзіўся 23 верасня 2002 года ў Мінску. З ранняга ўзросту праяўляў выбітныя здольнасці: вучыўся ў гімназіі, затым — у ліцэі БДУ на фізіка-матэматычным профілі і ў Вышэйшай школе эканомікі. Валодаў унікальнымі матэматычнымі талентамі і аналітычным мысленнем. Быў прызёрам многіх матэматычных алімпіяд, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. У дзявятым класе заняў першае месца на Міжнародным матэматычным турніры, вырашыўшы задачу, з якой не справіўся ні адзін з удзельнікаў з іншых краін.
Цікавіўся філасофіяй, эканомікай, палітыкай і гісторыяй.
У 2022 годзе ў сувязі з палітычным пераследам быў вымушаны пакінуць радзіму і пераехаць у Літву. Там ён актыўна далучыўся да дапамогі Украіне — удзельнічаў у арганізацыі збораў на патрэбы УСУ. Адправіў на фронт пульт для кіравання дронам, які сам тэставаў. Яго ведалі шматлікія байцы на фронце, і часта асабіста звярталіся да яго па дапамогу ў арганізацыі збораў.
Саша быў чалавекам вялікай дабрыні і эмпатыі, надзейным сябрам, для якога сумленнасць і справядлівасць былі абсалютнымі каштоўнасцямі. Ён не цярпеў паўпраўды і кампрамісаў з сумленнем. Рашэнне пайсці на фронт было для яго свядомым: вайна стала тым адзіным месцам, дзе ён мог дзейнічаць, а не толькі разважаць пра дабро і справядлівасць.
Восенню 2024 года уступіў у шэрагі 3 АШБ. У сваёй роце карыстаўся павагай і аўтарытэтам.
Загінуў 20 студзеня 2025 года падчас штурму вёскі Новаягораўка Луганскай вобласці ва ўзросце 22 гадоў.