Васіль Грудавік

пазыўны Атам

10.06.1991-26.06.2022

Васіль родам з Пінска. У 2021 годзе яго бацькі памерлі ад каранавіруса. Працаваў у лагістычнай кампаніі, займаўся музыкай. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту ў родным горадзе. Калі пратэст у Пінску быў падаўлены, Васіль уцёк ва Украіну, а адтуль у Польшчу.

З 2020 года Васіль пачаў будаваць жыццё ў Варшаве: запісаўся на адукацыйную «Праграму Каліноўскага», прадаваў самаробныя свечкі. У сталіцы Польшчы яму ўдалося аб’яднацца з іншымі вулічнымі музыкамі з Беларусі. Разам яны стварылі беларускі гурт TrueStory, які гастраляваў у розных гарадах Польшчы. Так Васіль пражыў да 2022 года.

10 сакавіка Васіль выехаў ва Украіну, дзе ўступіў у беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, у якім служыў кулямётчыкам. У дзень яго гібелі, 26 чэрвеня 2022 года, яго батальён «Волат» удзельнічаў у стрымліванні танкавага прарыву акупантаў у раёне Лісічанска. Група беларускіх вайскоўцаў тады з задання не вярнулася.