Міраслаў Лазоўскі

пазыўны Мыш

10.07.1973–16.05.2023

Міраслаў Уладзіміравіч Лазоўскі, пазыўны “Мыш” загінуў 16 траўня 2023 года пад Бахмутам. Міраслаў “Мыш” кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю. Вядома, што ён ішоў апошнім і зусім трохі не дайшоў да камандна-назіральнага пункту. “Мыш” ваяваў за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі.

Міраслаў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску.
Маці Міраслава родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва.

З дзяцінства шмат цікавіўся гісторыяй. Меў энцыклапедычныя веды, якімі ахвотна дзяліўся з цікаўнымі. Да падзеяў 2020 года ў Беларусі за свае грошы Міраслаў набываў артэфакты, якія адносяцца да падраздзяленняў ВКЛ у напалеонаўскай арміі, замаўляў у рэканструктараў гістарычныя карціны, збіраўся перадаць сваю калекцыю аднаму зь менскіх музэяў.
Праз зацікаўленасць гісторыяй і далучыўся да беларускага руху. А ў 1995 годзе патрапіў у «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў», з маладзёвага крыла якога пазней паўстаў «Белы Легіён». Міраслаў вельмі хутка стаў аўтарытэрам і лідэрам. Праз сваю дасведчанасць, высокую дысціплінаванасуь, арганізаванасць, камунікабельнасць і неабмежаваныя веды ў розных галінах. І надалей Міраслаў, Мірык – як звалі яго блізкія і паплечнікі – шмат сілаў і часу аддаваў вайскова-патрыятычнаму выхаванню моладзі: вучыў гісторыі Беларусі, выхоўваў моладзь патрыётамі, фізічна здольнымі адэкватна рэагаваць на выклікі па абароне незалежнасці Беларусі.

Для Міраслава Беларусь заўжды была на першым месцы. Галоўнае — будаваньне дзяржавы незалежнай, вольнай беларускай. Працаваў з людзьмі так, каб надалей ніколі лукашэнкі не апынуліся ў кіраўніцтве Беларусі.

Міраслаў меў вышэйшую адукацыю інжынэра. Але ахвяраваў кар’ерай, асабістымі жаданьнямі, каб дапамагаць беларускаму народу ісці да незалежнасці і свабоды.
Апошні час быў выдаўцом і кнігараспаўсюднікам, маляваў ілюстрацыі да кніг гістарычнай тэматыкі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-гістарычнай сэрыі кніг «Беларусь у войнах». Першая кніга з гэтай сэрыі была прысьвечаная паўстаньню 1863 года. Працягваў ваенна-патрыятычнае выхаванне. Сам ахвотна ўдзельнічаў у культурніцкіх імпрэзах. Быў і застанецца назаўсёды маральным аўтарытэтам «Белага Легіёну» , і для ўсіх – надзейным сябрам і паплечнікам.