Максім Стэфаняк

пазыўны Стэфан

19.06.1995–15.04.2022

Нарадзіўся ў Мсціславе Магілёўскай вобласці. З юнацтва праяўляў цікавасць да гісторыі і нацыянальнага самавызначэння. Як і любы звычайны падлетак, меў усё жыццё наперадзе, але ў 2013 годзе адбыўся пераломны момант: пачатак Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне. Максім горача падтрымліваў падзеі на Майдане, на якія глядзеў як на прыклад нацыянальна-вызваленчай барацьбы, і з пачаткам вайны ў 2014 годзе вырашыў далучыцца да шэрагаў украінскіх добраахвотнікаў, каб дапамагчы ўкраінскім пабрацімам у змаганні з чырвонай чумой.

Восенню 2014 года Максім не думаў, што вайна зацягнецца надоўга. Сабраўшы невялікі заплечнік, хлопец адправіўся ва Украіну і ўступіў у шэрагі «Азова». Удзельнічаў ва ўсіх аперацыях падраздзялення ў гарачых кропках, пачынаючы з восені 2014 года, а менавіта: Шырокіна, Вадзяное, Паўлопаль, Святлада́рская дуга, Пяскі, Новаташкоўка. Быў кулямётчыкам, а пазней яшчэ і сапёрам. Пачынаў свой шлях у пяхоце, але хутка перайшоў у разведку, дзе і служыў да пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

15 красавіка 2022 года падчас прарыву на «Азоўсталь» групоўкі сіл абароны правага берага Марыупаля, група Максіма сустракала і прыкрывала дружалюбныя калоны. У выніку бою і артылерыйскага абстрэлу лічыцца зніклым без вестак.